Сёння я паспрабую зрабіць каркасную ляльку з капрону. Самая цяжкая праца- гэта зрабіць галаву лялькі. Мяшочак з капрону трэба запоўніць сінцепонам так, каб атрымаўся шар. Пасярэдзіне шара, пальцамі вылучаем невялікі камок – гэта будзе нос. Затым утыкаем іголку ў верхнюю частку носа і сцягаем пры дапамозе ніткі з другога боку. Вось так паступова іголкай і ніткай выдзяляем месцы, дзе будзе рот, шчокі і вочы. Твар я размалявала акрылавымі фарбамі. Валасы зрабіла з каўровых нітак.
Цяпер буду рабіць тулава лялькі. У мяне ёсць каркас з драўляных планак, які і будзе тулавам будучай лялькі. На каркас я надзела старыя непатрэбныя рэчы і накрыла іх напаўніцелем, сфарміравала рукі, тулава і ногі. Прыбрала я сваю ляльку ў нацыянальны касцюм з элементамі беларускага арнаменту. Арнамент адлюстроўвае характар нашага народа, яго духоўнае і матэрыяльнае жыццё ў розныя гістарычныя перыяды. Адна з асаблівасцей беларускага арнаменту ў тым, што асноўны яго колер – белы. Існуе такая думка (гіпотэза), што назва “Беларусь” пайшла ад таго, што любімым колерам нашага народа з’яўляецца белы.Я думаю, што белы колер – гэта чысціня душы беларуса, яго адкрытасць і добразычлівасць. А другі нязменны колер- чырвоны. Гэта – жыццёвая сіла, сонца, кроў, пралітая ў баях супраць ворагаў за свабоду і незалежнаць.
З нядаўніх часоў нашы продкі сталі ўжываць ў арнаменце і чорны колер, але зусім нямнога. Арнамент вышываўся на рукавах і на падоле спадніцы, а на камізэльцы, акрамя арнамента, прысутнічалі элементы аплікацыі ў выглядзе кветак. Мая Радзіма Беларусь- багатая на традыцыі краіна і таму ў арнаменце прысутнічаюць геаметрычныя выявы птушак, раслін і кветак. Што было блізка беларусу, то і бачым мы ў нацыянальным арнаменце. І ўспамінаецца верш Максіма Багдаговіча
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага ўзора,
Цвяток радзімы васілька.