Людзі добрыя, помніце!...
…Хоць мінулае ўжо нельгавыправіць,
алебудучае належыць нам!
І.Катляроў
Вялікая Айчынная вайна…Такая далёкая, страшная, незразумелая для нас, тых, хто нарадзіўся праз дзесяцігоддзі. Што сёння мы ведаем аб болі, жаху, якія давялося выпрабаваць франтавікам, простаму насельніцтву. Як нам зразумець тое пакаленне, якое прынясло ў ахвяру самае каштоўнае, што ёсць ў чалавека: юнацтва, жыццё, шчасце?
Колькі б гадоў не прайшло, мы не зможам забыць трагічнай даты ў жыцці нашага народа, калі фашысцкая Германія вераломна напала на СССР.
З першых дзён акупацыі карнікі пачалі праводзіць палітыку генацыду ў адносінах да насельніцтва захопленых тэрыторый, якую называлі “акцыяй уціхамірвання”: стваралі сістэму канцлагераў, гета, мёртвыя зоны, ператвораныя ў “выпаленую пустыню”. Найбольш страшнай акцыяй было знішчэнне вёсак і мірнага насельніцтва.
Спаліў нас вораг студзеньскай парою –
Дзядоў, жанчын, падлеткаў і дзяцей.
Даруйце, людзі добрыя, за тое,
Што вас не сустракаем, як гасцей.
Так, 14 студзеня 2024 года споўніцца 80 гадоў з таго страшнага дня, калі ў шэсць часоў раніцы карнікі акружылі вёску Ала, а жыхароў сагналі ў вялікі хлеў і падпалілі. Тых, хто спрабаваў збегчы, растрэльвалі.
11 студзеня 2024 года ў ДУА “Вольнаўская сярэдняя школа” Баранавіцкага раёна прайшоў урок памяці “У памяць аб спаленай вёсцы”, а затым вучням была прапанавана віртуальная экскурсія “Мемарыяльны комплекс “Ала””. Хвілінай маўчання вучні і настаўнікі ўшанавалі памяць ахвяр.
12 студзеня прайшлі адзіныя урокі “Ала – сястра Хатыні”, на якіх класныя кіраўнікі пазнаёмілі вучняў з трагічнай гісторыяй вёскі Ала. Акрамя таго, вучні звярнуліся да карты спаленых вёсак на тэрыторыі Беларусі, дзе змаглі паглядзець, якія вёскі напаткаў лёс Хатыні і Алы ў нашай мясцовасці. У ходзе класнай гадзіны вучні расказалі аб сваіх эмоцыях, якія ў іх вызвала гісторыя вёскі Ала і іх жыхароў. Вельмі ўразіла вучняў тое, што ў час гэтай карнай аперацыі было спалена 950 дзяцей, 200 старых людзей, якія не маглі прычыніць ніякую шкоду немцам.
У ходзе мерапрыемства дзеці выказалі свае думкі, як яны разумеюць змест слоў, размешчаных у цэнтральнай частцы мемарыяльнага комплекса “Ала”: “Мы жывём, пакуль помнім. Мы жывыя, пакуль нас помняць”.
Вучні зрабілі вывад, што вельмі важна помніць гэтыя страшныя падзеі, ведаць праўду аб вайне, каб не дапусціць яе паўтарэння.
Акрамя таго, да гэтай падзеі ў школьнай бібліятэцы была падрыхтавана выстава “Генацыд беларускага народа” і чарговае наведванне вучнямі экспазіцыі ў школьным музеі “Незабыўныя жахі вайны”.
Скончылася мерапрыемства словамі звароту загінуўшых да жывых, якія напісаны над брацкай магілай на Вянку Памяці ў Хатыні.
Людзі добрыя, помніце:
Любілі мы жыццё і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: няхай смутак абернецца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы ўстанавіць навечна мір і спакой на зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхры пажараў жыццё не ўмірала.