Музей - ВОЛЬНАЎСКАЯ СШ
Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Музей

Республиканский конкурс "У каждого времени свои герои". Номинация "Афганская война - живая память".>>>


Экскурсія "Інтэр'ер сялянскай хаты ХІХ стагоддзя" >>>


Мы ведаем! Мы помнім! Мы ганарымся! >>>


Ад малых гісторый да гісторыі краіны >>>


Гісторыка-краязнаўчы музей Вольнаўскай сярэдняй школы

 

Адрас: Брэсцкаявобласць, Баранавіцкі раён, аг. Вольна, вул. Савецкая. д.16а

Кантактны тэлефон: 44-46-38

Графік работы: 

Чацвер: 13.50-14.35

Профіль – комплексны ;

 

Дырэктар школы: Лук’янюк Наталля Анатольеўна;

Кіраўнік музея: КірэйкаАлена Вячаславаўна;

Дата заснавання музея – 24 верасня 1980 года;

Плошча экспазіцыі: 25 кв. метраў;

Колькасць экспанатаў: 249

 

Асноўныя раздзелы экспазіцыі:

1.Беларуская хата:

а) Інтэр’ер сялянскай хаты ХІХ стагоддзя

б) Гаспадарчыя прылады нашых продкаў

2. Гісторыя вёскі Вольна

3. Гісторыя ДУА “Вольнаўская школа”

4. Ніхто не забыты! Нішто не забыта!

5. Па старонках жыцця і творчасці кінарэжысёра Міхаіла Пташука

6.Час выбраў нас (аб Афганскай вайне)

  

ІНТЭР’ЕР СЯЛЯНСКАЙ ХАТЫ ХІХ СТАГОДДЗЯ

         Добры дзень, паважаныя госці. Завуць мяне Папок Арына. Я з’яўляюся экскурсаводам гісторыка-краязнаўчага музея і рада вітаць вас у нашым школьным музеі.

Скрыпнуць веснічкі гукам знаёмым.

На бацькоўскі падворак ступлю.

Ліст зжаўцелы з высокага клёну

Упадзе на маю галаву.

Па радзімым куточкам прайдуся,

Дзе калісьці дзяцінства прайшло.

Да бярвення плячом дакрануся,

Нашай хаткі адчую цяпло.

Зараз мы пазнаёмімся з інтэр’ерам беларускай сялянскай хаты канца 19 – пачатку 20 стагоддзя.

Дамы будавалі невялікія з дрэва з адным памяшканнем, вокнамі на ўсход, пакрывалі саломай. Каб зберагчы цяпло, вокна рабілі маленькія.

Падлога была земляная. Важнае месца ў хаце займала печ, якая абагравала хату, у ёй гатавалі страву, адпачывалі, спалі, лячыліся, сушылі адзенне, зерне, ягады, травы. Побач знаходзяцца прылады працы гаспадыні: вілы для перасоўвання чыгункоў, качарга для размешвання вуглёў, хлебная лапата, якой   садзілі хлеб у печ. Рабілі яе з дрэў лісцевых парод. Каб цеста лягчэй ссоўвалася гаспадыня пакрывала лапату кляновым лісцем і пасыпала зверху мукой.

Ёсць тут   палоўнікі, а таксама прадметы ганчарства, вядомыя з эпохі неаліта. З паяўленнем ганчарнага круга форма іх стала больш разнастайнай. У нашым музеі ёсць глякі, збаны, кубкі.

Ложкі ў хаце ставілі далей ад вокнаў і дзвярэй, ўпрыгожвалі падзорамі. Падушкі складалі стосікам і пакрывалі карункавай накідкай. Засцілалі ложак посцілкай. Ёю накрываліся, а таксама вешалі на сцяну для ўпрыгожвання.       

ЛЮЛЬКУ - невялікі драўляны ложак для дзіцяці, зроблены гаспадаром, размяшчалі побач з ложкам і завешвалі ручніком або карункавай тканінай, каб абараніць дзіця ад насякомых, света і злых духаў.

Вельмі важным прадметам быў куфар. Ён служыў сталом, стулам, ложкам, у ім захоўвалі адзенне.

Ручнік-набожнік, вышыты мамай,

А на стале абрус саматканы.

Дорага сэрцу ўсё ў роднай хаце.

Кошту нямае гэта багацце.

Стол - важны элемент інтэр’ера хаты. Яго абавязкова засцілалі абрусам. “Голы” стол пагражаў хаце няшчасцямi. “Левым” бокам засцiлалi жалобныя сталы! Вялікім грахом лічылася выціраць абрусам рукі, бо за гэта Бог пакарае каростай, лішаямі і бародаўкамі.
         Люстэрка з’яўлялася адным з лементаў   упрыгожвання хаты і паказчыкам багацця.

         Ёсць у нас і самавары, якія   выкарыстоўвалі для прыгатавання смачных напояў.

У нашым музеі вы можаце ўбачыць вялікую колькасць ручнікоў, якія з’яўляліся важнай часткай культуры беларусаў: імі выціралі твар, пакрывалі абразы, бралі ў дарогу,   сустракалі дарагіх гасцей. Яны займалі важнае месца ў вясельным і пахавальным абрадах, уваходзілі ў пасаг нявесты, з'яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху і яго родзічам.

Шмат у нас і вышытых сурвэтак, якія надаюць непаўторны каларыт, прыгажосць і робяць памяшканне больш утульным.

 Самым важным месцам ў вясковай хаце з’яўляецца покуць або чырвоны вугал. Покуць – кавалачак храма ў хаце, таму і ўбіралі гэтае месца прыгожа, тут размяшчалі абразы.   На покуці знаходзіліся лава і стол, на якім заўсёды прысутнічалі хлеб ды соль. У нашым музеі на покуці размешчана этажэрка са старажытнымі царкоўнымі кнігамі: Біблія, Псалтыр, Служэбнік, яўрэйскі Малітваслоў і іншыя, на бамбукавым світку - малітва опцінскіх старцаў. Побач знаходзяцца патэфон і гуслі.

Бацькаў падворак, родныя рэчы,

Куфар у сенцах, кажух на печы,

Цэбры і дзежкі, чыгуны і шклянкі,

Льняныя коўдры і выцінанкі.

       Ёсць у нас плеценае з лазы крэсла, карзіны для пераносу фруктаў і захавання рэчаў. Тут ёсць замок, пута для свойскай жывёлы, бязмен, вагі і іншыя гаспадарчыя прылады працы: рала або саха, серп, ступы розных памераў, разак для нарыхтоўкі торфа.

         Асноўнай раслінай, з якой шылі адзенне, ткалі абрусы, посцілкі, палавікі, ручнікі - быў лён. Каб атрымаць прыгожы выраб, неабходна было прыкласці шмат намаганняў. Але аб гэтым я вам раскажу ў ходзе наступнай тэматычнай экскурсіі “Гаспадарчыя прылады нашых продкаў”.

Бацькаў падворак – жыцця навука.

Помняць прылады татавы рукі.

Вілы і граблі, на сцяне косы….

Ім яшчэ сняцца травы і росы.

Туман на золку і ржанне коней,

Сняцца пастронкам, сняцца супоням.

Абручы, клёпкі, браднік і вуды….

Я зберагу ўсё покуль жыць буду

                                   На гэтым наша падарожжа закончана. Дзякуй за ўвагу

 

  

ГАСПАДАРЧЫЯ ПРЫЛАДЫ НАШЫХ ПРОДКАЎ

 Бацькаў падворак, родныя рэчы,

Куфар у сенцах, кажух на печы,

Цэбры і дзежкі, чыгуны і шклянкі,

Льняныя коўдры і выцінанкі.

         Добры дзень. Я з’яўляюся экскурсаводам гісторыка-краязнаўчага музея ДУА “Вольнаўская сярэдняя школа” Баранавіцкага раёна. Завуць мяне Макарэвіч Дар’я. Зараз я раскажу вам аб гаспадарчых прыладах працы нашых продкаў.

Былі ў нас майстры па пляценню з лазы. У нашым музеі вы можаце ўбачыць плеценае з лазы крэсла. Ёсць тут і карзіна лазовага пляцення з ручкамі – для пераносу фруктаў. А яшчэ вы можаце ўбачыць карзіну з крышкай , якую выкарыстоўвалі для захавання рэчаў.

         У вуглу знаходзіцца замок. Побач размешчаны пута для дамашняй жывёлы, бязмен і вагі.

         Асноўным заняткам беларусаў было земляробства. Для апрацоўкі зямлі сяляне выкарыстоўвалі рала або саху. Тут знаходзіцца цяпка, якую мы выкарыстоўваем зараз для праполкі градкаў .

        На сцяне вы бачыце серп, якім жалі жыта, ячмень, авёс. А затым пры дапамозе цэпа ўсё гэта малацілі. Каб з зерня атрымаць крупу выкарыстоўвалі ступу. Ступы былі розных памераў.

         У халодны зімовы перыяд хату трэба было абаграваць. Для гэтага выкарыстоўвалі дровы. А яшчэ наша зямелька багата торфам. Таму яшчэ з вясны людзі пачыналі нарыхтоўку торфа. А для гэтага выкарыстоўвалі такую прыладу як разак.

         Асноўнай раслінай з якой шылі адзенне, ткалі абрусы, посцілкі, палавікі, ручнікі быў лён. Але перш чым атрымаць прыгожы выраб, неабходна было прыкласці шмат намаганняў. Спачатку лён пасля вымочвання і прасушвання мялі з дапамогай церніцы (трапалкі). Затым яго трапалі, вызвалялі ад кастрыцы. А выкарыстоўвалі для гэтага трапушкі, якія мелі розную форму: лапатападобную, нажавідную або мечавідную. У левую руку бралі мяты лён, а ў правую – трапушку і ёю наносілі па льну частыя і моцныя ўдары то з адной, то з другой стараны. Праца была даволі цяжкая і стомная. Пасля гэтага лён часалі пры дапамозе часалкі – дошка з набітымі ў яе цвікамі. І толькі пасля гэтага, атрыманую шэрую кудзелю замацоўвалі на прасніцу і з дапамогай верацяна пралі доўгімі зімовымі вечарамі. Пазней паявіўся калаўрот. Выкарыстоўваючы матавіла, гаспадыня змотвала пражу ў маткі. З дапамогай сукала ніткі наматвалі на цэўкі.

У кожнай гаспадыні быў ткацкі станок, дзе ткалі палотна розных памераў. Каб палатно стала прыгожым і белым яго вымочвалі, білі і сушылі. А для гэтага выкарыстоўвалі пранік. Ён вядомы з 11-12 стагоддзяў. Ім перылі (пралі) і бялізну пры мыцці. Таксама яго выкарыстоўвалі для абівання льна і проса.

Для мыцця бялізны выкарыстоўвалі драўляныя ночвы.

Яшчэ адной важнай прыладай у гаспадыні быў прас. Яго награвалі вуголлем, якое бралі з печы. Прасавалі адзенне толькі святочнае, лепшае. А будзеннае адзенне і бялізну, якая была, у асноўным, ільняная, разгладжвалі з дапамогай качалак.

Амаль кожны гаспадар трымаў карову. Яна была карміліцай для ўсёй сям’і. З малака можна было атрымаць многа прадуктаў. Зараз вы бачыце бойку – гэта бондарны выраб для збівання масла. А гэта мернік для масла. Тут жа знаходзяцца і ціскі, якія выкарыстоўвалі для прыгатавання сыра.

Тыя, хто трымаў пчол, абавязкова мелі такую прыладу як дымакур. Ім карысталіся, каб выкурыць пчол і забраць рамкі з мёдам з вулля.

Мелася ў гаспадара і маслёнка, з дапамогай яе змазвалі маслам розныя дэталі.

Раней цыгарэт не было. Для курыва вырошчвалі табак. А змяльчалі яго на станку для рэзкі табаку.

         На падлозе заўсёды расцілалі палавікі. Яны былі плецяныя, тканыя ці сшытыя з рознакаляровых  абрэзкаў тканіны.   Адрозніваліся палавікі арыгінальнасцю і непаўторнасцю. Такім чынам,  кожная гаспадыня ўпрыгожвала свае жылле, рабіла яго прыгожым і  ўтульным.

         Абутак раней рабіў гаспадар сваімі рукамі. Летам і калі было цёпла плялі і насілі лапці. Пазней пачалі вырабляць скураны абутак. У пачатку 20 стагоддзя пачалі вырабляць больш прыгожы абутак. У нашым музеі ёсць прыгожыя жаночыя чаравічкі з абцасамі. А ў майстроў, якія шылі абутак былі свае інструменты. У нас захаваліся толькі калодкі. Яны былі розных памераў.

З саломы плялі шмат цікавых прадметаў. І адзін з іх – саламяны павук, які вешалі пад столь. У дадзены момант ён у нас адсутнічае, ёсць толькі салома, з якой ён рабіўся. Павук ніколі не стаяў на месцы, гойдаўся ад паветра і збіраў усю негатыўную энергію, якая была ў хаце. Кожны год цыкл паўтараўся – старога павука палілі, а новы займаў яго месца.

Бацькаў падворак – жыцця навука.

Помняць прылады татавы рукі.

Вілы і граблі, на сцяне косы….

Ім яшчэ сняцца травы і росы.

Туман на золку і ржанне коней,

Сняцца пастронкам, сняцца супоням.

Абручы, клёпкі, браднік і вуды….

Я зберагу ўсё покуль жыць буду.

                           На гэтым наша падарожжа закончана. Дзякуй за ўвагу.

 

 НІХТО НЕ ЗАБЫТЫ! НІШТО НЕ ЗАБЫТА!

 

Беларусь наша…

Колькі трагедыі, гора, мужнасці…

Колькі зглумленых лёсаў…

 

Добры дзень. Я Хвошч Стэла з’яўляюся экскурсаводам і зараз раскажу вам, якія злачынствы чынілі фашысцкія захопнікі на нашай шматпакутнай зямлі. А для гэтага ў нас створана экспазіцыя “Ніхто не забыты! Нішто не забыта!”.

Тут знаходзяцца вытрымкі з Закона Рэспублікі Беларусь “Аб генацыдзе беларускага народа”, які быў прыняты 14 снежня 2021года Палатай прадстаўнікоў, адобраны Саветам Рэспублікі 22 снежня 2022 года.

Генацыд – адзін з цяжэйшых відаў злачынстваў супраць чалавецтва, які накіраваны на частковае або поўнае знішчэнне насельніцтва краіны.

         Актуальнасць тэмы абумоўлена тым, што сведкаў тых злачынстваў становіцца з кожным годам усё менш і менш. Людзі пачынаюць забывацца аб тым, якім коштам нам дасталася Перамога.   Асабліва яна актуальна ў наш складаны час, калі канфлікты разгараюцца то ў адной, то ў другой краіне. Мы павінны памятаць аб гэтых страшных падзеях, каб не дапусціць зноў бяды.

 

                   Праз стагоддзі, праз гады, - помніце!

                   Пра тых, хто ўжо ніколі не вернецца, - помніце!

 

22 чэрвеня 1941 года самы трагічны дзень у гісторыі нашай краіны- пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Страшнай віхурай яна наляцела на нашу Радзіму і працягвалася 1418 дзён і начэй, разбураючы і знішчаючы ўсё на сваім шляху. Гэта трагедыя закранула кожную сям’ю, кожнага чалавека ў нашай краіне. Пад час акупацыі загінуў кожны чацвёрты жыхар.

Ажыццяўленнем злачыннай палітыкі на тэрыторыі Беларусі займаліся айнзатцкаманды, зондэркаманды, тайная палявая паліцыя, паліцыя бяспекі, СД і жандармерыя.  

На тэрыторыі Беларусі   выдзяляліся 4 формы генацыду:

-         лагеры;

-         гета;

-         карныяэкспедыцыі;

-         остарбайтарства.

Галоўнымсродкамзнішчэннялюдзейз’яўлялісярозныявідылагераўсмерці. Усягодзейнічала 260 лагераўсмерці, дзебылознішчанакаляпаўтарамільёначалавек. Натэрыторыінашайкраіны дзейнічала 588 местпрымусовагаўтрыманнянасельніцтва.Акрамя таго дзейнічалі 16 дзіцячых лагераў, 5 з якіх – донарскія.

Для знішчэння выкарыстоўвалі машыны-душагубкі,   печы, дзе спальвалі людзей, растрэльвалі без прычыны, наўмысна заражалі рознымі хваробамі, не аказвалі ніякай медыцынскай дапамогі.

Начальнік штаба галоўнага камандавання Германіі Кейтэль пісаў: “Гэтая барацьба не мае нічога агульнага ні з рыцарскай высакароднасцю, ні з Жэнеўскімі пагадненнямі. Таму войскі павінны і абавязаны прымяняць любыя сродкі, не лічачыся ні з жанчынамі, ні з дзецьмі, калі гэта прывядзе да поспеху”.

Нялёгкім   быў жыццёвы шлях.

Шмат гора й бедаў вы спазналі.

Вы катаванні ўсе сцярпелі

І пыткі вынесці сумелі.

 

Для знішчэння яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі нашай краіны было створана 394 гета, ахвярамі якіх сталі каля 800 тысяч чалавек. Толькі ў Брэсцкай вобласці налічвалася 59 гета, у якіх былі нечалавечыя ўмовы: голад, бруд, непасільная праца па 10 - 12 гадзін, 200 гр. эрзац-хлеба ў дзень і 1 кг. крупы ў месяц тым, хто працаваў.

За гады вайны ворагамі было спалена 9209 вёсак, 209 гарадоў і раённых цэнтраў, праведзена 187 буйных карных аперацый.   Згодна з дадзенымі Генеральнай Пракуратуры Рэспублікі Беларусь на 3 мая 2024 года лёс Хатыні раздзялілі не менш за 288 вёсак, 186 з якіх так і не былі адноўлены пасля вайны.  

        Немцы надавалі карным аперацыям цынічныя назвы: “Свята вясны”, “Зімовае цуда”, “Паляванне на зайцаў”, “Прагулка на Сёмуху”.

Усіх працаздольных людзей прымусова вывозілі на катаржныя работы ў Германію. Хто ўхіляўся ад адпраўкі, расстрэльвалі. На чужбіне яны былі пазбаўлены імя і нацыянальнасці. На прымусовыя работы было вывезена 385 тысяч чалавек, з іх 24 тысячы дзяцей. Вярнуліся толькі 30 %.

На баранавіцкай зямлі Вялікая Айчынная вайна пакінула свой незабыўны і страшны след: два лагеры смерці, 2 гета і каля 60 спаленых вёсак, мноства магільных узгоркаў і разбурэнні.

 

Шмат год прайшло баі як адгрымелі

І раны залячыла ўжо зямля.

А памяць наша зноўку нас вяртае

У ліхалецця дні, калі была вайна.

Нам нельга забываць аб   гэтым часе

Не дапусціць каб новае бяды.

Каб не было нідзе на белым свеце

Ні лагераў, ні гета, ні вайны.

Павінны помніць мы якую цэну

Народ наш заплаціў за мір, пакой,

Каб больш не паміралі ў свеце дзеці,

Ды ў шчасці на планеце ўсе жылі.

 

  

ПА СТАРОНКАХ ЖЫЦЦЯ І ТВОРЧАСЦІ МІХАІЛА ПТАШУКА

                                             Дрэвы забылі пра буры і страты,

                                             Раны свае загаіла зямля.

                                             Толькі нічога забыць не змагала ты,

                                             Памяць мая.

 

             24 студзеня напярэдадні дня нараджэння вялікага беларускага кінарэжысёра ў нашай школе была адкрыта музейная экспазіцыя “Па старонках жыцця і творчасці Міхаіла Пташука”.

           Пачатак экспазіцыі быў пакладзены ў 2009 годзе ў ДУА “Ніжнечарніхоўская базавая школа” Баранавіцкага раёна. Пасля закрыцця школы экспанаты выставы былі перададзены нашай школе. Па ініцыятыве дырэктара школы Лук’янюк Наталлі Анатольеўны   пачаўся працэс арганізацыі выставы. Кіраўнік музея Цікаловіч Кацярына Валер’еўна сумесна з настаўнікам працоўнага навучання займаліся аднаўленнем экспанатаў і стварэннем выставы.

         Галоўнай тэмай выставы стаў здымачны працэс фільма ”Знак бяды”. І не выпадкова. Менавіта наша мясцовасць - хутар ў вёсцы Бартнікі – стаў здымачнай пляцоўкай фільма. Гэту мясцовасць падказаў рэжысёру яго сябар, дырэктар эксперыментальнай базы ”Вольна – Чэрніхава”, Леў Анатольевіч Аліферка. Леў Анатольевіч паказаў хутар, дзе былі гара, тры дубы, якія апісваліся ў повесці. Так пачалася гісторыя фільма.

       Здымачны працэс быў цікавым, але і складаным. Кіраўніцтва БССР настойвала на тым, каб ролі ў фільме выконвалі беларускія акцёры. Гаспадара хутара сыграў народны артыст БССР Генадзій Гарбук. Выключэнне зрабілі толькі для Ніны Русланавай, маскоўскай актрысы, якая выканала ролю Сцепаніды.

       Большая частка экспанатаў - гэта фатаграфіі здымачнага працэсу фільма “Знак бяды”, а таксама другіх знакавых работ рэжысёра: “Вазьму тваю боль”, “У жніўні 44-га”. Ёсць тут і фрагменты негатываў плёнкі, хлапушка-нумератар фільма “У жніўні 44-га”, запрашальны білет Рэспубліканскага Дома кіно на прэм’еру фільма “Знак бяды”.

         Найбольш каштоўным экспанатам з’яўляецца кніга ўспамінаў Міхаіла Пташука з аўтографам удавы рэжысёра Ліліі Пташук і арыгінал рэжысёрскага сцэнарыя двухсерыйнага фільма “Знак бяды” 1985 года.

         Гэта экспазіцыя дазваляе нам пазнаёміцца з творчасцю нашага знакамітага земляка. Яго фільмы – гэта кніга жыцця. Яны вучаць заставацца людзьмі ў любых абставінах і рабіць правільны выбар.

Я вас прашу, не зведаў хто вайны,

прашу вас, мае дочкі i сыны,

узяць хоць долю памяці маёй —

каб потым ёй не зарасці травой.

Мне часам груз яе не па плячы.

Не знаю часам, як ёй памагчы.

Я мушу падзяліцца з вамі ёй.

Я перад вамі з памяццю сваёй...

  

 

КАЛЯДЫ

       Каляды — народнае зімовае свята. Працягваецца дванаццаць дзён з 24 снежня па 6 студзеня – каталіцкія і з 6 па 19 студзеня — праваслаўныя.
         Для Каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжваліся калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.
       Першая вячэра (24-25 снежня/6—7 студзеня), «Посная» ці «Вялікая Куцця» — гэта канец шасцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак святочных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў у хаце старанна прыбіралі, уся сям'я мылася, а пасля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе з'яўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысціянскія ўяўленні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на святочны стол абавязкова падкладалі сена, як напамін аб тым, што Ісус адразу пасля нараджэння быў пакладзены на сена ў яслях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставілі ў рэшаце на покуць, дзеля павышэння ўрадлівасці. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвай стабільнасці ўсяго роду. Святочная вячэра складалася з 12 страваў. На першую куццю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе.

       Вечар напярэдадні Новага года (31 снежня-1 студзеня / 13 студзеня — 14 студзеня) называецца «шчодрым», «ласым». Гэтую назву свята атрымала ад шчодрай куцці. На стол ставілі смажаныя каўбасы, свежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчакай. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса свінні, якая з-за сваёй пладавітасці ўспрымалася, як сімвал урадлівасці. Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваннем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, механошы, песеннікі.

         Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» Каляда (5 студзеня — 6 студзеня / 18—19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэнні Ісуса Хрыста ў водах Іардану ўстаноўлена гэта свята. Святочная вячэра складалася з няцотнай колькасці посных страваў. На Хрышчэнне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хвароб і ад шкоднага ўплыву ведзьмаў.
         Калядаванне — традыцыя з язычніцкімі каранямі. Увечары група сялян (часам дзяўчат, хлопцаў, дзяцей) апраналася ў жывёл, у розных дзіўных чароўных істот і хадзілі па вёсцы. Яны спыняліся ля кожнага двара, і гаспадар запрашаў іх ў хату, каб будучы год быў шчаслівы. Калядоўнікі спявалі, танцавалі, гралі, ладзілі імправізаваныя сцэны. Напрыканцы яны жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу.
     Гаспадар выносіў калядоўнікам хлеб, сала, мяса, садавіну, каўбасы, бліны. Усё гэта калядоўшчыкі складалі ў торбу.

 

МАСЛЕНІЦА

         Масленіца (Сырны тыдзень, Масленка) — зімова-вясенні тыдзень перад пачаткам Вялікага посту, які адзначаецца ў Праваслаўнай царкве. Прыпадае на 8-ы тыдзень да Вялікадня. Назва паходзіць ад таго, што ў канцы лютага — пачатку сакавіка каровы паспявалі ўжо ацяліцца. Тады сялянскія гаспадаркі станавіліся багатымі на малако і рабілі прадукты з яго галоўнымі на стале.
       Абрадавымі стравамі тыдня былі масла, тварог і сыр. Таксама штодзень частаваліся блінамі без мяса, таму паводле хрысціянскага звычаю тыдзень называўся мясапусным — пустым ад мяса. Лічылася, што ўвесь тыдзень увечары не варта было працаваць. Пашыранымі былі вечаровыя гасцяванні і коўзанне з абледзянелых пагоркаў на санках.
       У чацвер, што называўся шырокім, частавалі аладкамі карову,
аб'язджалі жарабцоў, што дасягнулі трохгадовага ўзросту, і абіралі вясковага пастуха на наступны год. Таксама цягам тыдню зяці мелі завітаць да сваіх цешчаў на бліны. У суботу ладзіліся залоўкіны пасядзелкі, калі гасцявалі адзін у аднаго сваякі, а моладзь запрагала ў сані коней з аздобленаю стужкамі і званочкамі вупражжу.
         У нядзелю, пасля ваджэння па вёсцы, з заходам сонца спальвалі на вогнішчы пудзіла, як увасабленне марознага часу, і зламаныя, старыя рэчы.

 

ГУКАННЕ ВЯСНЫ АБО САРАКІ 22.03

     Старажытнае свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі. Людзі заклікаюць вясну хутчэй прыйсці, радуюцца першаму вясноваму сонцу і праганяюць зіму.
Як і многія іншыя язычніцкія абрады, Гуканне вясны не мела канкрэтнай даты святкавання.
       У некаторых мясцінах Гуканне вясны супадала з канцом масленкавага тыдню.
У некаторых раёнах вясну пачыналі гукаць 1 сакавіка, на свята Аўдакеі (Аўдоцця-вясноўка). 9 сакавіка спраўляліся Саракі - свята, калі, паводле павер’яў, павінны былі прыляцець з поўдня сорак ”выраяў” (птушыных зграй).
      У іншых мясцінах вясну пачыналі гукаць на Дабравешчанне (Звеставанне), якое святкавалася 25 сакавіка.
Пасля пераходу на Грыгарыянскі каляндар ўсе праваслаўныя святы ”зрушыліся” на 13 дзён наперад. Саракі ”пераехалі” з 9 на 22 сакавіка, і вясну найчасцей гукаюць у 10-20-х лічбах сакавіка.
     Звычайна людзі збіраліся на адкрытым месцы (горцы, беразе ракі, краі лесу ці нават даху хаты ці лазні). Сяляне складалі вогнішча з розных старых рэчаў і спявалі вакол яго песні-вяснянкі. Часам моладзь, як і на купальскія ігрышчы, ладзіла скокі праз вогнішча. Спальванне старызны сімвалізавала развітанне з зімою, абнаўленне прыроды.
     Найчасцей пяклі сорак кавалкаў печыва ў выглядзе птушак і раздавалі дзецям. Часам дзяўчаты бралі палатно і хісталі яго, падкідваючы на ім уверх печаных жаваронкаў. Гэта як бы імітыравала палёт і павінна было паскорыць вяртанне птушак з Выраю. Адным з першых кожную вясну прылятаў жаўрук. Ён і лічыўся ”вястуном” вясны.

        У розных куточках Беларусі жаваранкі аказваліся на пэўны час своеасаблівым барометрам-лічыльнікам. Меркавалі, што пасля Саракоў павінна быць яшчэ сорак замаразкаў. І як толькі здараўся чарговы замаразак, сям’я з’ядала адну галушку. Як толькі будзе з’едзена апошняя, людзі казалі: усё – прыйшло лета, і марозу больш не будзе.
     Значнае месца ў забавах дзяцей і моладзі займала гушканне на арэлях. Для самых маленькіх іх майстравалі пасярэдзіне двара або мацавалі гушкалкі прама ў варотах. Моладзі патрэбны былі больш вострыя ўражанні, і, адпаведна, яе паводзіны вылучаліся значна большай эмацыянальнасцю. Таму хлопцы ладзілі арэлі з дапамогай старэйшых братоў і бацькоў у гумнах і пунях.
  Гушканні на арэлях мелі некалькі планаў асэнсавання. З аднаго боку, папарнае гушканне з дзяўчатамі дазваляла прадэманстраваць свае фізічныя здольнасці, рухавасць, імпэт і адначасова выказаць на мове сімвалаў сваю зацікаўленасць дзяўчынай.
   З другога боку, здавалася б, простая забава, гульня несла на сабе адбітак далёкай традыцыі, змест якой быў напоўнены абрадавым сімвалізмам. Па-першае, гушканні суправаджаліся залівістым смехам, гучнымі рытмізаванымі заклічкамі і нават невялікімі песеннымі творамі, якія выконвалі ролю замовы. Па-другое, гушканне заўсёды звязвалася з дабрабытам і новым ураджаем. Паўсюдна на Беларусі існавала падсвядомая перакананасць у тым, што ад вышыні калыхання (узлёту над зямлёй) залежыць рост ільну. Можа, якраз таму нашыя продкі даволі часта гушкаліся на вяроўках.

 

  

ЧАС ВЫБРАЎ НАС

 

Нялёгкі лёс нас напаткаў

Зямлю чужую бараніць.

Мы кожны час сяброў гублялі,

А ім хацелася так жыць.

27 красавіка 1979 года ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан адбыўся ваенны пераварот. У выніку чаго да ўлады прыйшло сацыялістычнае прасавецкае кіаўніцтва і пачалася грамадзянская вайна. Гэты канфлікт быў вынікам супрацьстаяння ўладаў Афганістана, якія апіраліся на савецкую ваенную падтрымку супраць мясцовых паўстанцаў-маджахедаў, якіх падтрымлівалі сілы НАТА, Кітай і ісламскія краіны.

Прэзідыум рэвалюцыйнага савета Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан пад кіраўніцтвам Генеральнага сакратара ЦК НДПР, старшыні рэвалюцыйнага савета і прэм’ер-міністра ДРА Бабрака Кармаля зацвердзіў закон аб агульнай воінскай павіннасці і звярнуўся да народа і ўзброеных сіл з заклікам пабудовы ў краіне новага справядлівага грамадства свабоднага ад эксплуатацыі. Аднак знешнія ворагі працягвалі расшыраць умяшанне і правакацыі, якія пагражалі незалежнасці, бяспецы і міру ў краіне. Таму 5 снежня 1978 года кіраўніцтва Дэмакратычнай Рэспублікі звярнулася да кіраўніцтва Савецкага Саюза з просьбай аб аказанні неадкладнай палітычнай, маральнай, эканамічнай і ваеннай дапамогі. На гэту просьбу Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Ільіч Брэжнеў адказаў: “Войскі ў Афганістан Савецкі Саюз уводзіць не будзе. З’яўленне нашых салдат у вашай краіне, таварыш прэзідэнт, можа настроіць большасць афганскага народа супраць рэвалюцыі. Зараз нам нельга ўступаць у гэтую вайну. Мы можам дапамагчы афганскім таварышам усім, што ім неабходна. Удзел у вайне нанясе шкоду не толькі нам, але перш за ўсё вам.”

Аднак, пасля даклада КГБ аб тым, што Афганістан можна заняць на працягу некалькіх тыдняў, Брэжнеў і некалькі высокапастаўленых партыйных дзеячаў пагадзіліся на поўнамаштабную інтэрвенцыю ў гэту краіну, нягледзячы на тое, што большасць ваеннага кіраўніцтва была супраць.

Прэзідэнт ЗША Картэр асудзіў уваход савецкіх войск у Афганістан і прыастанавіў пастаўкі зярна ў СССР.

Старшыня рэвалюцыйнага савета, Генеральны сакратар ЦК НДПА Хафізула Амін у апошні час настойліва ставіць пытанне аб неабходнасці накіраваць у Кабул савецкі мотастралковы батальён для аховы яго рэзідэнцыі і важных адміністрацыйных будынкаў.

 

  

Усё пачалося ў семдзесят дзевятым,

У снежні дваццаць пятага чысла.

Стаў гэты дзень трагічным і журботным.

Забрала жыццяў шмат афганская вайна.

12 снежня 1979 года па прапанове камісіі Палітбюро ЦК КПСС па Афганістану, у састаў якой уваходзілі Андропаў, Усцінаў, Грамыка і Панамароў, было прынята рашэнне аб аказанні ваеннай дапамогі шляхам увода савецкіх войск на тэрыторыю Афганістана.

13 снежня 1979 года была створана групіроўка Савецкіх войск для ўвода ў Афганістан.

24 снежня 1979 года выйшла Дырэктыва міністра абароны СССР аб задачах, якія трэба было выканаць нашым вайскам на тэрыторыі ДРА.

Тады паявіўся зварот камандавання да войск акругі з заклікам аказаць інтэрнацыянальную дапамогу народу Афганістана.

25 снежня 1979 года ў 15.00 пачаўся ўвод Савецкіх войск у Афганістан. Першымі зайшлі разведчыкі, затым, пад кіраўніцтвам генерал-маёра Канстанціна Аляксандравіча Кузьміна 108-я мотастралковая дывізія.   Транспартная авіяцыя пачала пераправу асноўных сіл паветрана-дэсантнай дывізіі на аэрадромы Кабула і Багрыма. Было дастаўлена 7700 дэсантнікаў і 894 адзінкі баявой тэхнікі.

27 снежня 1979 года 103-я паветрана-дэсантная дывізія ўзяла пад свой кантроль будынак ЦК НДПА, міністэрства абароны, МВД і іншыя важныя аб’екты.

Да сярэдзіны студзеня 1980 года ўвод галоўных сіл у Афганістан у асноўным быў завершаны.   У склад абмежаванага кантынгенту ўваходзілі:

- кіраўніцтва 40-й арміі з часцямі забеспячэння і абслугоўвання

- 4 дывізіі, 5 асобных брыгад, 4 асобныя палкі, 4 палкі баявой авіяцыі, 3 верталётныя палкі, 1 трубаправодны полк і іншыя.

Дэсантнікам былі раздадзены памяткі па аказанню першай медыцынскай дапамогі пры ўкусах ядавітымі змеямі і насякомымі.

Афганская вайна – гэта адзін з этапаў грамадзянскай вайны ў Афганістане. Згодна з афіцыйнай версіяй Савецкая армія павінна была папярэдзіць пагрозу замежнага ваеннага ўварвання на тэрыторыю Савецкага Саюза. Фармальнай падставай для ўвода Савецкіх войск у Афганістан былі неаднаразовыя просьбы кіраўніцтва Афганістана аб дапамозе.

З мэтаю папярэджання агрэсіі звонку і ўмацавання паўднёвых рубяжоў   былі ўведзены Узброеныя сілы СССР у Афганістан. Дзеючы прэзідэнт   Хафізула Амін быў заменены   надзвычайным і паўнамоцным паслом рэспублікі Афганістан у Празе Бабракам Кармалем.

        

На нашым стэндзе размешчаны і фотаздымкі 5 нашых землякоў, якія прайшлі службу ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан, праявілі сапраўдны гераізм і самаадданасць.

Тры месяцы вучэбкі і Афган…

Не думаў я тады, што буду маме

Складаць свой ліст найшчыры самы

З няласкавай афганскае зямлі.

Не буду маме я ў пісьме пісаць,

Бо не патрэбна ведаць ёй, адзінай,

Пра дальні растраляны наш кардон,

Пра “чорныя цюльпаны” ў небе пыльным.

Я напішу пра службу за ракой,

Пра аксаміт паўднёвага загару.

Што службай задаволены такой.

Здаецца, й форма надта мне да твару.

         Туровіч Аляксандр Віктаравіч нарадзіўся ў в. Вольна Баранавіцкага раёна 6 студзеня 1970 года. У1987 годзе закончыў Вольнаўскую СШ. 16 мая 1988 года быў прызваны ў армію, а затым накіраваны ў Афганістан. Служыў у в/ч 2066. Цяпер Аляксандр Віктаравіч жыве і працуе ў в. Вольна. У ходзе службы за гераізм і мужнасць ён быў узнагароджаны імяннымі часамі.

Ён не хаваўся на задворках вёскі,

Не выбіраў сабе бясхмарны стан.

Недаравальнай явы адгалоскі…

Як прыгавор: “Служы. Афганістан”.

І ён служыў сумленна і аддана

На той зямлі, што смерць нясла і слёзы.

Кудысьці знікла чыстая усмешка,

Кудысьці радасць знікла. Трэба жыць…

А смерць з пакутамі ўперамешку

Неапраўдальныя нясла крыжы.

Баец з душою чыстаю наросхрыст

Усё маўчаў: ці ў полымя, ці ў ад.

Не па гадах ён стаў зусім дарослым,

Не па гадах выпрабаванні прынімаў.

       Сярдзюкоў Сяргей Мікалаевіч нарадзіўся ў в. Бартнікі Баранавіцкага раёна 25 сакавіка 1964 года. Вучыўся ў Вольнаўскай СШ, якую закончыў у 1981 годзе. У 1982 годзе быў прызваны ў армію і накіраваны выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістан у 659-ы ваенна-аўтамабільны батальён. Мае ўзнагароды. Сяргей Мікалаевіч зараз пражывае ў горадзе Баранавічы.

 

 

Ён быў вясёлым хлопцам, бесклапотным

З адкрытаю і шчыраю душой.

І марыў, як усе, ён аб каханні,

Аб шчасці, што наперадзе было.

Ды страшным сном у жыццё яго ўварвалася

Віхурай нечаканай праняслося:

“Афганскаму народу патрэбна дапамога.”

Страну чужую трэба бараніць.

І ён пакінуў блізкіх і Радзіму.

Другіх пайшоў ён ратаваць ад бед.

Каб толькі дома ўсё было спакойна,

Каб кожны мог у міры й шчасці жыць.
         Ліцкевіч Валерый Канстанцінавіч нарадзіўся ў в. Залессе Баранавіцкага раёна ў 1962 годзе. У 1977 годзе закончыў Вольнаўскую базавую школу. У 1981 годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Два месяцы знаходзіўся ў вучэбнай часці г. Ашхабада. Пасля выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Неаднаразова быў паранены. Пражывае і працуе Валерый Канстанцінавіч у г. Мінску.

Там за ракой ёсць горны перавал,

За перавалам - серпанцін дарогі.

Дарогай той зайшлі ў Афганістан

Як ноччу паднялі нас па трывозе.

Бязвусыя ў пагонах хлапчукі

Не разумелі мы тады навошта

Пакінулі Радзіму мы сваю,

Краіну бараніць прыйшлі чужую.

         Лазюк Фёдар Фйадзеевіч нарадзіўся ў в. Ніжняе Чэрніхава Баранавіцкага раёна 21 мая 1965 года. Вучыўся ў Задвейскай сярэдняй школе, якую скончыў у 1982 годзе. У1983 годзе быў прызваны ў армію і накіраваны выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Узнагароджаны ордэнам “За адвагу”. Цяпер Фёдар Фадзеевіч пражывае і працуе ў в. Ніжняе Чэрніхава.

Не знаю я, каму было патрэбна

На смерць іх пасылаць у далёкі край.

Ні ў маці і ні ў бацькі не спытаўшы

Адправілі Кабул абараняць…

Час ідзе, ён лечыць раны.

І боль сціхае пакрысе.

Ды небяспечнымі дарогамі Афгана

Душа мая блукае ўсё яшчэ.

         Літвінка Дзмітрый Рыгоравіч нарадзіўся ў в. Струга Столінскага раёна 6 мая 1969 года. Вучыўся ў Сноўскай школе, якую скончыў у 1986 годзе. У 1987 годзе быў прызваны ў армію і накіраваны выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістан. Служыў у вайскавой часці мотаманеўранай штурмавой брыгады. Цяпер Дзмітрый Рыгоравіч пражывае і працуе ў в. Вольна.

 

У ходзе афганскай вайны можна выдзеліць   4 этапы:

-         1 этап – снежань 1979 – люты 1980 – увод у афганістан 40-й савецкай арміі генерала Барыса Усеваладавіча Громава.

-         2 этап – сакавік 1980 – красавік 1985 года – правядзенне актыўных шырокамаштабных баявых дзеянняў сумесна з афганскімі злучэннямі і часцямі.

-         3 этап май 1985 года – снежань 1986 года - скарачэнне актыўных баявых дзеянняў і пераход да падтрымкі дзеянняў афганскіх войск.

-         4 этап – студзень 1987 года – люты 1989 года – дапамога афганскаму народу ў правядзенні палітыкі нацыянальнага прымірэння. Падрыхтоўка да вываду савецкіх войск з Афганістана.

13 лістапада 1986 года Палітбюро ЦК КПСС паставіла   задачу

аб вывадзе ўсіх войск з Афганітана на працягу 2 гадоў. Першым аб гэтым загаварыў Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў.

         15 лютага 1989 года ў 10.30 камандуючы 40-й арміяй генерал-лейтэнант Барыс Усеваладавіч Громаў апошнім з абмежаванага кантынгента Савецкіх войск перайшоў Хайратонскі мост праз раку Амудар’ю, якая раздзяляла СССР і Афганістан.

         Барыс Усеваладавіч Громаў сказаў: “Я перкананы: не існуе падстаў для сцвярджэння аб тым, што мы атрымалі ваенную перамогу ў Афганістане. Савецкая Армія зайшла ў канцы 1979 года без перашкоды ў краіну, выканала свае задачы і арганізована вярнулася на Радзіму”.

         Афганская вайна працягвалася 9 год 1 месяц 19 дзён. Страты склалі:

-         13 833 чалавека загінулі і памерлі ад ран

-         49 985 чалавек было паранена

-         6 669 чалавек сталі інвалідамі

-         330 чалавек знаходзяцца ў розыску

-         200 000 чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі

-         76 сталі Героямі Савецкага Саюза

-         546 255 чалавек прайшлі праз афганістан.

Грамадзяне нашай краіны таксама прымалі ўдзел у гэтай вайне.

-         32 000 чалавек прайшлі дарогамі вайны

-         772 – загінулі     - 774 сталі інвалідамі

-         7 – атрымалі званне Героя Савецкага Саюза

-         2 235 – узнагароджаны баявымі ардэнамі

-         906 – атрымалі медаль “За адвагу”

Мы склонім нізка голавы прад тымі,

Каго сягоння з намі больш няма,

Хто на зямлі чужой афганскай

Загінуў у няпоўных дваццаць год.

Спаўна хто зведаў горыч страт і болю,

Хто ў вочы смерці кожны дзень глядзеў.

За тых, дамоў прыйшоў хто пасівелым

З параненай, скалечанай душой.

 

Прымі ўдзячнасць, ветэран вайны,

Што няпрошанай госцяй прыйшла,

Па жыццю што й па сэрцы прайшла.

У гэтым катле ты застаўся жывым

І разам з усімі бясконца быў рад

Дню вывада войск і вяртанню дамоў.

Хай лёс табе дарыць мір і спакой

Ды чыстае неба над галавой.

 

Відэаматэрыялы